Больш паўтысячы
гектараў кукурузы трэба ўбраць на корм жывёле аграрыям ААТ “Буеўшчына”. Час
вяскоўцаў прыспешвае — першыя замаразкі на некаторых участках ужо адмоўна
паўплывалі на якасць “царыцы палёў”.
— Звыш 100 гектараў кукурузы мы змаглі ўбраць да замаразкаў, якія, на жаль,
былі ў сярэдзіне верасня, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч.
— Капрызы надвор’я заўсёды ўносяць свае карэктывы, але ж у цэлым гэта культура
моцных пашкоджанняў не атрымала, таму мы працягваем ўбіраць яе на сілас. Сёлета
аддача кукурузных палёў невялікая, з кожнага гектара ў сярэднім збіраем 140
цэнтнераў. Зніжэнне звязана з анамальна спякотным жніўнем. Мінулым летам для
гэтай культуры надвор’е было больш спрыяльным. Тым не менш, мы не сумняваемся,
што гаспадарка будзе з сіласам.
На магутным корманарыхтоўчым агрэгаце КВК-800 працуе Вячаслаў Пабяржын. За
дзень ён скошвае каля 20 гектараў палёў. На адвозе зялёнай масы задзейнічаны
Вячаслаў Лаўрыновіч, Валерый Саўчанка, а таксама механізатар раёна электрычных
сетак Валерый Рачыцкі. Ён камандзіраваны ў гаспадарку ў жніўні, калі ішла
масавая ўборка зерневых, цяпер жа Валерый дапамагае сельгаспрадпрыемству па
корманарыхтоўчых работах.
А дванаццатай гадзіне на поле да механізатараў пад’ехаў аўтамабіль УАЗ.
Вадзіцель Дзмітрый Цярэнцьеў разам з работнікам сталовай сельгаспрадпрыемства
Таццянай Сінкевіч прывезлі аграрыям гарачы абед.
— Чым жа смачным вы корміце сваіх працаўнікоў? — спыталі мы ў Таццяны, якая
раскладвала ў посуд стравы.
— Сёння на абед мы прыгатавалі гарохавы суп,
пюрэ з катлетамі, салату з морквы і гарачую гарбату, — адказала жанчына. —
Рыхтуем таксама сухія падвячоркі: кілбаса, вараныя яйкі, хлеб і батон.
Харчуюцца ў нас штодзённа прыкладна 30 чалавек. Ніхто на якасць і смак
прыгатаваных страў не скардзіцца, усім вельмі падабаецца.
Услед за УАЗам мы накіраваліся на поле за вёскай
Таўкіні. Там на 60-гектарнай плошчы сяўбой трыцікале займаўся механізатар Барыс
Бабчонак.
— Я толькі другі дзень працую на сяўбе, — кажа
Барыс. — Цяпер на трактары “Беларус” МТЗ-3022 падмяняю асноўнага механізатара
Аляксандра Парпуціса, які захварэў. Засталося дасеяць тут каля 20 гектараў,
гэту задачу да канца працоўнага дня я выканаю, а заўтра пераеду на іншае поле.
Пасля таго, як механізатар Аркадзь Падоба заправіў насеннем бункер сеялкі,
Барыс Бабчонак рушыў засяваць поле далей.
— Сёлета запланавана пасеяць 1370 гектараў
азімых зерневых культур, — тлумачыць галоўны тэхнолаг палёў гаспадаркі Віктар
Атрашкевіч. — Гэта пшаніца, жыта, трыцыкале. Сёлета ўпершыню на 185-гектарнай
плошчы мы пасеялі азімы ячмень. Спадзяёмся, што гэта культура на будучы год
дасць добры ўраджай.
Мы пажадалі мясцовым аграрыям поспехаў у іх
нялёгкай працы, спрыяльнага надвор’я і, безумоўна, здароўя.
Сяргей РАЙЧОНАК.