У адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы, штогод да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, выплачваецца матэрыяльная дапамога.
Выплата матэрыяльнай дапамогі сёлета праводзіцца з 25 красавіка па 4 мая.
У Шаркаўшчынскім раёне пражываюць 6 грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, з іх 4 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, 1 інвалід з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі і калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны альбо з наступствамі ваенных дзеянняў, і 1 член сям'і ваеннаслужачага.
Былых вязняў фашызму Раісу Баршчэўскую і Раісу Пачкоўскую, якія пражываюць у г.п. Шаркаўшчына, з надыходзячым святам Вялікай Перамогі павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Жук, вучні сярэдняй школы №1 гарадскога пасёлка. Прысутныя выказалі словы найлепшых пажаданняў здароўя і даўгалецця, а прадстаўнік участка паштовай сувязі ажыццявіла выплату грашовай дапамогі.