У сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка ідзе капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Тут рэгулярна праходзяць пасяджэнні рабочага штаба. З пачатку года работнікамі генеральнай падраднай арганізацыі, якой з’яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю «Проф НК», зроблены значны аб’ём будаўнічых работ.
Перад будаўнікамі стаіць задача — у тэрмін здаць аб’ект, каб 1 верасня ў школе пачаўся вучэбны працэс. Штодзённа тут працуюць не менш за 90 чалавек. Паралельна выконваюцца сантэхнічныя, агульнабудаўнічыя і электрамантажныя работы. Ужо здадзены ў эксплуатацыю трэці паверх школы, класныя пакоі чакаюць школьнікаў. Афарбоўка сцен тут светлая. У кожным класе сваё адценне. Для вучэбнага працэса закуплена новая мэбля — парты, стулы, дошкі.
Завяршаюцца работы на другім паверсе, дзе размешчаны вучэбныя пакоі. Ідзе рамонт кабінетаў, калідораў, харчовага блоку, спартыўнай залы.
На субпадрадзе задзейнічаны будаўнікі са спецыялізаваных арганізацый не толькі Віцебска, але яшчэ Наваполацка, Докшыц, іншых гарадоў вобласці.
Шаркаўшчынскія дарожнікі з ДБУ-26 задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторыі школы.