Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
03.11.2021
У Віцебску прайшоў ХVII абласны агляд-конкурс Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь другой катэгорыі, па выніках якога каманда Шаркаўшчынскага ТДА ўзнагароджана кубкам і дыпломам за 3-е месца. Пра тое, як прайшлі спаборніцтвы, карэспандэнту раённай газеты расказаў міліцыянер-кінолаг групы затрымання Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Юрый Федуковіч.
— Спаборніцтвы праходзілі тры дні. Наша каманда брала ўдзел сярод 18 каманд другой катэгорыі. Простымі словамі - гэта прадстаўнікі раёнаў. У складзе каманды - міліцыянер-кіроўца і міліцыянер-кінолаг групы затрымання Дэпартамента аховы. Маім напарнікам па камандзе стаў міліцыянер-кіроўца Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы Юрый Касевіч. За званне лепшых наша каманда змагалася ў спаборніцтвах па стральбе, валоданню баявымі прыёмамі барацьбы, тэарэтычным экзамене па напрамках службовай дзейнасці, курсе дрэсіроўкі службовых сабак, на практычным экзамене, аўтамабільным манеўраванні, экзамене па камбінаванай міліцэйскай эстафеце.
На практычным іспыце мне і майму напарніку Юрыю Касевічу трэба было выявіць злачынцу ў ахоўным будынку. З гэтай задачай мы паспяхова справіліся з дапамогай чацвераногага сябра па мянушцы Орыс. Па адпрацоўцы дадзенага іспыту занялі 3-е месца.
За два дні ў нас былі нядрэнныя вынікі. Усё вырашала камбінаваная міліцэйская эстафета, якая праходзіла у апошні дзень спаборніцтваў. Падчас праходжання паласы перашкод неабходна было пераадолець двухмятровы плот. Першымі стартавалі міліцыянеры-вадзіцелі, затым кінолагі з сабакам. У выніку наша каманда зноў заняла 3-е месца.
Прыемным і хвалюючым стала падвядзенне вынікаў. У выніковай табліцы па суме ўсіх конкурсаў мы заваявалі кубак і дыплом за 3-е агульнакаманднае месца. Ехалі на спаборніцтвы без асаблівых спадзяванняў, што зоймем нават адно прызавое месца. Бо па ўзроставай катэгорыі мы адстаем ад моладзі. Заняць прызавое месца дапамог шматгадовы вопыт і прафесіяналізм. А яшчэ не падвёў мой надзейны і дакладны Орыс, з якім я працую ўжо больш за паўтара года.
Алена АНАНІЧ