Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
10.11.2021
9 лістапада 2021 года Шаркаўшчынскі раён наведаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч.
Спачатку Анатоль Канстанцінавіч правёў «прамую тэлефонную лінію». З 9.00 да 10.00 паступіла сем зваротаў, патэлефанавалі шэсць жыхароў нашага раёна і адзін грамадзянін з Оршы.
Першай датэлефанавалася жанчына з аграгарадка Більдзюгі. Яна выказала занепакоенасць наступным фактам: у населеным пункце доўгі час працавала крама «Еўраопт», а цяпер прынята рашэнне аб яе закрыцці. Кіраўніцтва гандлёвай сеткі прапануе адкрыць маршрут аўтамагазіна. Але жыхары аграгарадка жадаюць, каб працягвала працаваць стацыянарная гандлёвая кропка. Сітуацыю растлумачыла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Ірэна Францаўна Буко. Кіраўніцтва гандлёвай сеткі спасылаецца на нерэнтабельнасць працы крамы, таму прынята рашэнне аб яе закрыцці. Але ў Більдзюгах ёсць дзве крамы спажывецкай кааперацыі, якія ў стане забяспечыць мясцовае насельніцтва прадуктамі і таварамі першай неабходнасці.
Жыхар райцэнтра звярнуўся з наступным пытаннем:
— Пражываю па вуліцы Энгельса, дом № 1. Наколькі мне вядома, на 2022-2023 гады запланаваны рамонт нашага дома. Хацелася б зрабіць уцяпленне фасада, а таксама адрэгуляваць падачу цяпла ў дом (у пакоях батарэі грэюць па-рознаму). І яшчэ хацелася б, каб прыдамавую тэрыторыю прыбіралі дворнікі.
Анатоль Канстанцінавіч адказаў, што па новых правілах уцяпленне фасада дома магчыма зрабіць толькі за кошт жыхароў. Падача цяпла будзе адрэгулявана спецыялістамі УКП ЖКГ. Таксама ў бліжэйшы час жыхарам дома растлумачаць, як будзе арганізавана ўборка прыдамавой тэрыторыі.
Жыхар горада Орша патэлефанаваў наконт зямельнай спрэчкі за ўчастак у садовым таварыстве. Мужчына падрабязна расказаў аб сваёй праблеме. Анатоль Канстанцінавіч паабяцаў дапамагчы ў вырашэнні праблемы.
Жыхарка аграгарадка Вялікае Сяло паскардзілася, што аўтобус па маршруце Віцебск—Шаркаўшчына не ходзіць па суботах, а гэта стварае нязручнасці студэнтам, якія менавіта ў гэты дзень прыязджаюць з горада дадому на выхадныя. Анатоль Канстанцінавіч паабяцаў вывучыць пытанне.
Жыхарка аграгарадка Германавічы паскардзілася, што пенсіянераў не своечасова забяспечваюць дровамі. Анатоль Канстанцінавіч даручыў неадкладна разабрацца ў сітуацыі і вырашыў пытанне. Затрымак з забеспячэннем дровамі не павінна быць.
Жанчына з вёскі Баўкалы патэлефанавала, каб расказаць пра свае рознагалоссі з суседам. Іншая жанчына заявіла аб сваім жаданні рэвакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі і хацела даведацца, калі гэта можна зрабіць і якой вакцынай. На працягу 20 хвілін гэтай жанчыне ператэлефанавалі з паліклінікі і прапанавалі прайсці рэвакцынацыю ў любы зручны час любой з трох вакцын - двух расійскіх і адной кітайскай.
Па заканчэнні «прамой тэлефоннай лініі» Анатоль Канстанцінавіч правёў прыём грамадзян. Усяго звярнуліся чатыры грамадзяніна. Пенсіянер з Шаркаўшчыны папрасіў вырашыць шматгадовую зямельную спрэчку з суседзямі. Анатоль Канстанцінавіч паабяцаў накіраваць спецыяльную камісію для вывучэння і вырашэння пытання.
Жанчына з райцэнтра звярнулася з просьбай дапамагчы з абсталяваннем водазабеспячэння і водаадвядзення арэнднай кватэры. 16-кватэрны дом, якому ўжо 67 гадоў, не мае цэнтральнага водазабеспячэння і каналізацыі. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узяў сітуацыю на кантроль.
Індывідуальны прадпрымальнік з Наваполацка паскардзіўся на некарэктнае стаўленне да яго, як да пастаўшчыка абсталявання, кіраўніцтва Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Сітуацыя таксама ўзята на кантроль.
Жанчына з аграгарадка Наваселле паскардзілася на дзеянні работнікаў Глыбоцкага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры». Грамадзянка не знайшла агульнай мовы з прадстаўнікамі гэтай арганізацыі. Ёй растлумачылі алгарытм дзеянняў пры падключэнні электраацяплення ў прыватным жылым доме.
Далей Анатоль Ліневіч сустрэўся з рэзервам кадраў на кіруючыя пасады. Анатоль Канстанцінавіч задаваў пытанні прадстаўнікам розных прафесій, якія ў будучыні, магчыма, зоймуць кіруючыя пасады.
Таксама памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наведаў філіял ДБУ-26 ААТ «ДСТ-1, г. Віцебск». Анатоля Канстанцінавіча сустрэлі намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ААТ «ДСТ-1, г. Віцебск» Сяргей Уладзіміравіч Булай і выконваючы абавязкі дырэктара філіяла ДСУ-26 Алег Мікалаевіч Латышонак. Падчас сустрэчы з працоўным калектывам адбыўся дыялог: галоўную ўвагу надалі перспектывам развіцця арганізацыі. Ва ўсіх жадаючых была магчымасць задаць пытанні прадстаўніку ўлады і трэба адзначыць, што дарожнікі скарысталіся ёй. Пытанні былі розныя: газазабеспячэнне індывідуальнага жылога дома, добраўпарадкаванне зоны купання ў аграгарадку Радзюкі, рамонт дарожнага пакрыцця і тратуараў на вуліцах райцэнтра, праблема падтаплення дома па вул. Маякоўскага і іншае. Людзі цікавіліся абгрунтаванасцю роста цэн, перспектывамі развіцця раёна, планамі па падрыхтоўцы да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».
Варта адзначыць, што пад час візіту памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь суправаджаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Кіраўнік раёна ўсе пытанні ўзяў на асабісты кантроль.
Аляксандр Барыла