Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
24.02.2021
23 лютага на плошчы Леніна адбыўся мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ушанаваць памяць герояў прыйшло кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў гарпасёлка, мясцовыя жыхары. 2021 аб'яўлены Годам народнага адзінства, у сувязі з гэтым актывісты РК ГА «БРСМ» прымацоўвалі мужчынам стужачкі з дзяржаўнай сімволікай, раздавалі святочныя паштоўкі.
Адкрыў мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец. У сваім выступе ён нагадаў аб вялікiм подзвігу тых, хто абараняў нашу Айчыну ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны, тых, дзякуючы каму мы, нашчадкі, жывем сёння ў свабоднай краіне. Ён заклікаў усіх быць годнымі гэтага подзвігу, захоўваць і прымнажаць дастаўшуюся нам спадчыну. Уладзімір Серафімавіч таксама звярнуўся са словамі падзякі ў адрас тых, хто сёння працягвае забяспечваць бяспеку краіны, павіншаваў іх са святам, пажадаў поспехаў і мірнага неба над галавой.
Мітынг прадоўжыўся выступам намесніка ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Андрэя Каштальяна.
- 23 лютага - асаблівае для нас свята, - адзначыла ў сваім выступе першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Вераніка Кавалеўская, - сімвалізуе мужнасць, адвагу, стойкасць і патрыятызм. Сучаснае пакаленне з гонарам працягвае гераічныя традыцыі нашых дзядоў і прадзедаў, шануе памяць герояў.
Памяць пра загінуўшых воінаў шаркаўчане ўшанавалі хвілінай маўчання. Затым адбылося ўскладанне кветак і вянкоў да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1944 годзе.
Пасля мітынгу ў раённым Цэнтры культуры адбыўся святочны канцэрт «Сёння свята ваша, мужчыны». Мерапрыемствы і святочныя канцэрты, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прайшлі ва ўсіх населеных пунктах раёна, у школах адбыліся ўрокі мужнасці і патрыятызму.
Алена Ананіч.