Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Тэме нацюрморта прысвечаны міжнародны творчы праект у Віцебску

17.09.2020

Міжнародны творчы праект "Трэцяя плынь" адкрываецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Арт-цэнтры Марка Шагала.

Праект праводзіцца па ініцыятыве віцебскага мастака Леаніда Мядзведскага. Сваю назву ён атрымаў у гонар напрамку ў музыцы, які спалучае класіку і джаз, традыцыі і імправізацыю. Мэта выстаў праекта - вывучыць бягучы стан жанраў як сістэмы.

Першая выстава ў рамках праекта прайшла ў 2017 годзе, яна была прысвечана партрэтнаму жывапісу. Наступная (у 2018 годзе) - пейзажу. У 2020 годзе праект прапануе вывучыць такі традыцыйны жанр, як нацюрморт. Тэмай была выбрана культавая серыя карцін Жоржа Брака "Майстэрня", якая спалучае інтэр'ер, нацюрморт і філасофскую сюжэтна-тэматычную кампазіцыю.

"Вядома, гэта тэма не абмяжоўвае ўдзельнікаў выставы ні па сюжэце, ні па стылістыцы работ. Гэта хутчэй нагода для натхнення і "гістарычны фон", напамін аб адным з этапаў развіцця жанраў у выяўленчым мастацтве. Паколькі майстэрня мастака - гэта месца, дзе пераважаюць творчае мысленне і свабодны дух. Кожны ўдзельнік выставы пры падрыхтоўцы работ мог як прадоўжыць пошук свайго вобраза творчасці, так і звярнуцца да традыцыйнага жанру і прадставіць нацюрморт", - адзначылі ў цэнтры.

Свае работы ў праекце (у залежнасці ад памеру - ад адной да трох) прадставілі больш за 30 мастакоў з Віцебска, Мінска, Баранавіч, Полацка і Оршы. Віртуальна ўдзельнічаюць каля дзесяці мастакоў з Расіі, Ізраіля і Латвіі. Сёння на адкрыцці выставы іх карціны будуць паказаны ў час спецыяльна падрыхтаванай відэапрэзентацыі. Па выніках выставы арганізатары плануюць выдаць буклет.

Азнаёміцца з выставай можна да 11 кастрычніка.